Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Раздзелы сайта

Галоўная

Першамайская падземка

Першамайская падземка

Штодня ў свеце больш за 155 мільёнаў чалавек карыстаюцца паслугамі метрапалітэна. Гэта ў 34 разы перавышае колькасць авіяпасажыраў. Пры гэтым наяўнасцю метрапалітэна могуць пахваліцца не ўсе краіны свету, напрыклад, у Афрыцы і Аўстраліі - толькі па два горада з метрапалітэнам: Каір, Туніс, Мэльбурн і Сіднэй. Таму наше мінскае метро можа па праву быць аб'ектам гонару. Гэта не толькі самы зручны і хуткі транспарт, але і сапраўдны сімвал сталіцы, гісторыя якога непарыўна звязана з гісторыяй нашага горада, і яго жыхароў.

А дзе і як пачыналася мінскае метро? Чаму яго станцыі названы так, а не інакш? Чаму яны так не падобныя адна на адну? Нам падалося цікавым знайсці адказы на гэтыя пытанні і данесці да ўсіх гэтую інфармацыю. А пачаць мы вырашылі са станцый метро нашага роднага Першамайскага раёна.

Так, 4 лістапада 1977 г., 40 гадоў таму, менавіта ў Першамайскім раёне Мінска пачалося будаванне мінскага метро. Адпраўной кропкай стала пляцоўка станцыі «Парк Чалюскінцаў».

Вялікая заслуга ў тым, што ў Мінску з’явілася метро, належыць Пятру Міроновічу Машэраву. У СССР метро будавалі толькі ў гарадах-мільённіках, але наша сталіца не дацягвала да гэтага статусу. Беларускаму ўраду давялося пайсці на хітрасць – перасяліць у сталіцу людзей з вёсак, каб стаць горадам з мільённым насельніцтвам. Цікава, што ў разгар будавання па ўказе з Масквы будоўлю замарозілі. Цэнтр перастаў даваць грошы. Мінскі метрапалітэн выратаваў просты фатограф Пётр Кастрама. Здымкі раскапаных катлаванаў на цэнтральным праспекце Мінска адправілі ў СавМін. Пасля прагляду альбома службоўцам і тлумачыць нічога не трэба было. Танней было дабудаваць падземку, чым згарнуць працу.

Мінскае метро па арыгінальнасці і багацці афармлення станцый, вядома, саступае маскоўскаму, але і ўсё ж стваралі дызайн яго станцый і вестыбюляў у свой час мастакі і архітэктары рэспубліканскага маштабу. “Фолк-дызайнеры” папрацавалі над «Плошчай Якуба Коласа» і «Інстытутам культуры», канструктывісты ўнеслі свой уклад ў выгляд «Маскоўскай» і «Плошчы Леніна». А вось нашаму першамайскаму «Парку Чалюскінцаў», не пашанцавала. На фоне іншых багата ўпрыгожаных і манументальных станцый яна губляецца як вельмі простая і мінімалістычная. А справа ў наступным. У свой час П.М. Машэраў прапанаваў зрабіць станцыю з сімволікай Хатыні, але маскоўскія чыноўнікі не падтрымалі ідэю: занадта, маўляў, сумна. Узамен з Масквы паступіла прапанова ўзяць тэму «пары года». Тэму прынялі, але за некалькі тыдняў да афіцыйнай здачы станцыі прыйшла новая дырэктыва: «сезонную» тэму скасаваць. Скасаваць скасавалі, а вось новых інструкцый ад Дзяржплана не паступіла. Вось і застаўся «Парк Чалюскінцаў» зусім бледным. Сёння станцыюупрыгожвае толькі шэраг дэкаратыўных люстраў і «цэгла» са шматкаляровага шкла, пакладзеная ў латуневую аправу ў нішах пілонаў.

Пераназванні станцый у мінскім метро – звычайная справа. Да прыкладу, цяперашнюю «Маскоўскую» у 1970-х называлі «Валгаградскай». Але ў пачатку 1980-х улады Мінска зрабілі праект пераназвання часткі Ленінскага праспекта, што пачынаецца ад Валгаградскай вуліцы, у Маскоўскі праспект, і новая станцыя метро атрымала назву «Маскоўская». Парадокс ў тым, што праспект у выніку пераназываць не сталі, і, такім чынам, станцыя носіць назву неіснуючай магістралі.

У аснове афармлення «Маскоўскай» пакладзены белы, залаты і чырвоны колеры, што гістарычна характарызуюць выяву Масквы (белакаменная, златагаловая, чырвоная). Сцены і калоны вестыбюльных груп абкладзены белым мармурам. На тарцовай сцяне змешчана арнаментальная мазаіка з мармуру, у яе цэнтры – гадзіннік, стылізаваны пад куранты Маскоўскага Крамля. На бакавых сценах можна бачыць два пано, на якіх адлюстраваны сілуэты асноўных гістарычных будынкаў і збудаванняў Масквы: ВДНГ (тут і Галоўны ўваход, і павільёны № 1 і «Машынабудаванне», і нават манумент заваёўнікам космасу), гасцініца «Космас», галоўны будынак МДУ, вялікі Крамлёўскі палац, Новадзявочы манастыр, Вялікі тэатр, Гістарычны музей, частку крамлёўскай сцяны з Нікольскай і Арсенальнай вежамі, Спаскую вежу, маўзалей Леніна, Нікольскую вежу, Пакроўскі сабор і іншыя маскоўскія краявіды.

Яшчэ адзін «праклён» беларускай падземкі – здача новых станцый да «чырвоных дзён календара». Адкрыццё першай пляцоўкі першай лініі ў 1980-х было прымеркавана да 40-годдзя вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – 3 ліпеня 1984 года. Станцыя «Усход» была здадзена да Новага года – 29 снежня 1986-га. 7 лістапада 2007 г. цягнікі пайшлі ад «Усходу» да «Уручча».

У аснову архітэктурна-мастацкага афармлення «Усходу» пакладзена тэма засваення космасу, пра што і кажа сама назва станцыі. Па задумцы аўтараў, станцыя павінна была нагадваць касмічны карабель з шэрагам ілюмінатараў, але, здаецца, яна больш падобна на салон пасажырскага самалёта. Гэта станцыя – самая неглыбокая ў горадзе, глыбіня ўсяго 2 м.

Станцыя «Барысаўскі тракт» змешчана ля Усходніх могілкаў і архітэктурнага корпуса БНТУ. Цікава, што тапонім «Барысаўскі тракт» на старых картах Мінска не знайсці, аднак існаванне дарогі на Барысаў бясспрэчна. Яе можна бачыць на карце 1821 г., і на знакамітай «трохвёрсцы» (прыблізна 1865 г.). Напачатку трыццатых гадоў будуецца новая дарога на Барысаў. Сёння яна з'яўляецца часткай праспекта Незалежнасці ад вуліцы Філімонава і далей на паўночны ўсход. А старая дарога атрымлівае назву «Старабарысаўскі тракт». Менавіта яна ў 2005 г. была пераназвана ў вуліцу Францыска Скарыны. Такім чынам, назва «Барысаўскі тракт» з'яўляецца досыць спрэчнай, як з гістарычнага пункту гледжання, так і з пункту гледжання яе знаходжання на мясцовасці. Сама станцыя змешчана паміж былых лясоў і былых балот, і таму падабраць ёй гістарычны тапонім нялёгка. Магчыма, дадзеную станцыю трэба было назваць «БНТУ» ці «Кальцавая», каб прывязаць яе да актуальнай гарадской рэчаіснасці.

Хоць станцыя і не разлічана на вялікую колькасць пасажыраў, але зроблена яна, што завецца "з душою". Пышныя шаравістыя свяцільні выдатна спалучаюцца з цёмна-карычневымі падвеснымі столямі, паказальнікі станцый і турнікеты на выхадах ствараюць уражанне чагосьці моднага, "еўрапейскага". Афармленне назвы станцыі стылізаванымі стараславянскімі літарамі – напамін пра старажытны горад Барысаў (ці пра князя Барыса, у гонар якога той быў названы).

Ящчэ адна адметная асаблівасць мінскага метрапалітэна – невялікая глыбіня закладання станцый. Прычына, апроч эканоміі сродкаў, – высокі ўзровень падымання грунтовых вод. Аднак, нягледзячы на невялікую глыбіню пры будаванні метрапалітэна было зроблена шмат цікавых археалагічных знаходак. Так паўсюдна пры будаванні станцый знаходзілі мноства даўнейшых манет, большай часткай бронзавых. А пры будаванні адкрытай пляцоўкі паміж станцыямі «Барысаўскі тракт» і «Уручча» была паднята костка даўжынёй больш за метр і дыяметрам каля 30 сантыметраў. Спачатку меркавалася, што гэта рэшткі маманта, аднак праведзенае пазней даследаванне ўсталявала, што знойдзеныя фрагменты шкілета належаць слану лясному.

Станцыя «Уручча» знаходзіцца ў цэнтры мікрараёна Уручча і з'яўляецца першай станцыяй метро за межамі МКАД. Спрадвечна Уручча – гэта назва мінскай вёскі, каля якой раней пачыналася рака Гіза, левы прыток Свіслачы. У афармленні станцыігалоўная тэма вада, каб апраўдаць рачную назву. Таму асноўныя колеравыя развязкі станцыі – жоўты, цёмна-сіні, светла-блакітны, бела-смарагдавы – халодныя адценні.

Як мы бачым, досыць наведаць некалькі станцый метро Першамайскага раёна, каб зразумець, што некаторыя з іх падобныя музеям з унікальнымі экспанатамі. На кожнай станцыі можна знайсці чым палюбавацца: мазаікай, люстрамі, плафонамі. Кожная станцыя - твор мастацтва з прыгожым дызайнам і аздабленнем мармурам. Некаторыя станцыі захоўваюць шарм даўніны, іншыя ўражваюць сучасным дызайнам.

На канец гэтага – пачатак наступнага дзесяцігоддзя запланавана ўвесці ў строй новыя станцыі. З'явяцца на карце Мінска і новыя назвы. Напрыклад, «Немаршанскі Сад» – як памяць аб уладаннях багатых і вельмі наравісты памешчыкаў Немаршанскіх; «Кавальская Слабада» – напамін пра старадаўні пасёлак кавалёў. З'явіцца і станцыя «Плошча Багушэвіча» – і ўсё нарэшце даведаюцца, дзе знаходзіцца гэта знакавае месца, названае па імені паэта-шляхціца, які так падтрымліваў беларускую мову.

Такім чынам, метро ў Мінску – гэты не толькі сродак перасоўвання, але і практычна музей, які вельмі шмат можа расказаць пра гісторыю нашей краіны і горада.