Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Раздзелы сайта

Галоўная

Вуліцы нашага раёна

У аснове нашай любові да радзімы, незалежна ад таго, пішам мы яе з вялікай або з маленькай літары, ляжаць многія фактары. І сярод ниx, несумненна, самае важнае месца займае наша прыхільнасць да засвоеных з самага дзяцінства слоў, якімі называюцца нашы гарады і вёскі, вуліцы і плошчы, паркі і скверы, размешчаныя паблізу месца жыхарства рэкі і азёры, палі і лугі. Але праходзячы па горадзе, мы часта не задумваемся над тым, а чаму менавіта так названы нашы вуліцы, хто тыя людзі, чые імёны мы чытаем на шыльдах. Адкуль узяліся тыя ці іншыя назвы? Што яны могуць расказаць нам?

Мы вырашылі паспрабаваць адказаць на гэтыя пытанні, а таксама пазнаёміць навучэнцаў нашай гімназіі і ўсіх зацікаўленых з сучаснымі назвамі вуліц нашага Першамайскага раёна, іх гісторыяй і асаблівасцямі.

***

Даследаванне гадонімаў (назваў вуліц, плошчаў, завулкаў) Першамайскага раёна мы пачалі з разгляду пытання, а колькі ж іх наш раён. Як аказалася, адказаць на гэтае пытанне досыць складана. Розныя крыніцы называлі нам розныя лічбы. Так, электронная карта Сity Info ўтрымоўвала 85 назваў. На сайце https://ato.by было сказана, што ў Першамайскім раёне 88 вуліц. Сайт Адміністрацыі Першамайскага раёна навогул не ўтрымоўваў падобнай інфармацыі, а на сайце Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта прыводзіўся спіс з 96 назваў вуліц і адной назвы плошчы. Аднак у гэтым спісе не было, напрыклад, вуліцы Праграмістаў, якая з'явілася на карце нашага раёна паміж вуліцамі Ф.Скарыны і акадэміка Купрэвіча яшчэ ў 2012 годзе. Абагульніўшы ўсе наяўныя дадзеныя (у тым ліку інфармацыю з атласа Вуліцы Мінска 2017 г.) і параўнаўшы спісы, мы вызначылі, што ў цяперашні час у Першамайскім раёне налічваецца 99 вуліц і адна плошча (плошча Калініна). Гэта значыць роўна 100 гадонімаў (Дадатак 2). Цікавы факт: сярод тыпаў вуліц нашага раёна мы знайшлі вуліцы (82%), завулкі (13%), праезды (2%), тракт (1%) і праспект (1%), але ў нас няма ніводнага тупіка.

Вызначыўшыся са спісам вуліц раёна, мы высветлілі, што 38 (38%) гадонімаў Першамайскага раёна - гэта прыметнікі (27% - прыметнікі жаночага роду, адзіночнага ліку - прыклад, вуліцы Садовая, Падгорная), 12% з іх утвораны пры дапамозе суфікса -ск- (напрыклад, вуліцы Старынаўская, Шафарнянская); 6 вуліц (6%) - назоўнікі ў родным склоне (напрыклад, вуліцы Натуралістаў і Праграмістаў). Таксама мы налічылі 56 (56%) назваў вуліц, што прысвечаны памяці асобы (напрыклад, вуліцы Кнорына, Карбышава, Сядых і інш.).

Гаданімія можа быць арыентавана на семантычнасць (г.зн. утрымліваць інфармацыю аб названым аб'екце) або на семіатычнасць (г.зн. утрымліваць пэўныя звесткі аб грамадстве). З гэтага пункту гледжання, усе вуліцы нашага раёна падзяляюцца ў наступных прапорцыях:

- семантычныя - 35% (напрыклад, вуліцы Светлая, Пясочная);

- семіатычныя - 65% (напрыклад, вуліца Герояў 120 дывізіі, праспект Незалежнасці).

4 гадонімы ў Першамайскім раёне з'яўляюцца нумератывамі: завулкі 1-ы Цвёрды, 2-і Слепнянскі, 5-ты Слепнянскі, вуліцы 2-я Пясочная, 50 гадоў Перамогі, Герояў 120 дывізіі. 9 вуліц раёна маюць адначасова аднайменныя завулкі, праезды і ў адным выпадку плошчу (Калініна).

У сучаснай тапаніміцы няма адзінага меркавання аб класіфікацыі гадонімаў, у cваім даследаванні мы будзем абапірацца на ўласную класіфікацыю.

Так, змястоўны аналіз гадонімаў Першамайскага раёна дазволіў вылучыць наступныя намінатыўныя тыпы:

  • Другая сусветная вайна - 24%;
  • камунізм (Савецкі Саюз і яго гісторыя, палітычныя дзеячы) - 12%
  • беларуская савецкая гісторыя і культура - 9% ,
  • натуральна-геаграфічныя ўмовы, рэльеф - 6%,
  • спасылкі на мясцовыя лакальныя аб'екты - 7%,
  • памяць аб раней існаваўшых тапонімах - 7%,
  • руская гісторыя і культура - 8%,
  • населеныя пункты (Беларусь) - 5%,
  • населеныя пункты (Расія) - 8%,
  • беларуская дасавецкая гісторыя і культура - 5%,
  • уражанне/ колер - 5%,
  • прафесійныя групы - 2%,
  • сучасная гісторыя Беларусі - 2%,
  • іншае - 1%

Усе выяўленыя назвы, прысвечаныя памяці асобы, мы падзялілі на тры групы:

1) савецкія палітычныя дзеячы (вуліцы Кнорына, Калініна, Сурганава, Філімонава і інш.) - 11%;

2) вайскоўцы, удзельнікі паўстанняў, войнаў і сялянскіх рухаў: беларускія (вуліцы Каліноўскага, курсанта Гвішыяні - 3%); рускія (вуліцы Кутузава, Суворава - 2%); савецкія (вуліцы Карбышава, Кедышка, Чарняхоўскага, Фогеля, Талбухіна і інш. - 22%);

3) дзеячы культуры, навукоўцы: беларускія (вуліцы Ф. Скарыны,        В. Цяпінскага, Я.Коласа, М. Чарота, К. Чорнага і інш. - 15%); рускія (вуліцы Чайкоўскага, Бялінскага, Чарнышэўскага і інш. - 6%); савецкія (вуліца ак. Купрэвіча - 1%) .

Такім чынам, можна адзначыць павагу да дзеячаў нацыянальнай гісторыі і культуры ў назвах вуліц нашага раёна (17%), але перавага ўсё ж застаецца за прозвішчамі герояў Савецкага Саюза, удзельнікў Вялікай Айчыннай вайны і супраціву савецкага народа фашысцкім захопнікам (22%). Многія з апошніх былі выхадцамі з Беларусі або здзейснілі свой подзвіг менавіта на беларускай зямлі.

Так, вуліца Русіянава названа ў гонар героя Савецкага Саюза Івана Нікіціча Русіянава, камандзіра 100-й стралковай дывізіі, што гераічна абараняла Мінск у 1941-м годзе. Менавіта 100-я стралковая дывізія за масавы гераізм і мужнасць была ператворана ў 1-ю гвардзейскую стралковую дывізію. Вуліца Шугаева названа ў гонар Мікалая Аляксандравіча Шугаева, актыўнага ўдзельніка падполля і кіраўніка падпольнага райкама КП (б) Б Варашылаўскага раёна горада Мінска. Ён быў пакараны смерцю фашыстамі 26 красавіка 1943-га. Вуліца Нікіфарава - у гонар Вячаслава Кандрацьевіча Нікіфарава, аднаго з лідэраў антыфашысцкага падполля, які загінуў у канцы 1942 г. ў Трасцянецкім лагеры смерці. Ёсць у Першамайскім раёне і вуліца, названая ў гонар танкіста-аса Вітольда Міхайлавіча Гінтаўта, ураджэнца Мінскай вобласці і жыхара горада Мінска.

Некаторыя вуліцы раёна названы ў гонар гарадоў і вёсак, тых што раней існавалі, і тых, што існуюць і сёння. Так, напрыклад, вуліца Старынаўская названа, хутчэй за ўсё, у гонар вёскі Старына, якая знаходзіцца недалёка ад Калодзішчаў, Астрашыцкая - у гонар Астрашыцкага гарадка (Лагойскі напрамак). Вуліца Шафарнянская названа, па адной з версій, у гонар ўрочышча Шафарня. Таму казаць “вуліца Шафарнянскага” - няправільна. Дарэчы, на адным з беларускіх дыялектаў шафарня значыць самаробная шафа для захоўвання мукі. З назвамі Гарадзецкая і Ложынская разабрацца нам так і не ўдалося. Месцаў, з якімі можа быць звязана назва Гарадзецкай вуліцы, у Беларусі вельмі шмат. Гэта і Гарадзец (Кобрынскі раён), і Гарадзея (Нясвіжскі). Калі ўзгадаць, што Уручча магло належаць Радзівілам, то сувязь з Гарадзея становіцца больш відавочнай. Дадзены тапонім у Беларусі вельмі распаўсюджаны, так што, магчыма, недзе тут была вёсачка з такой назвай.

Што датычыца рускіх назваў на карце раёна, то ў апошнія сталінскія гады Мінск, як і большасць іншых гарадоў СССР, прайшоў праз хвалю "барацьбы з касмапалітызмам". Вуснамі Сталіна рускі народ быў абвешчаны асноўнай нацыяй у складзе Саюза, і на карце Мінска да гэтага часу можна знайсці нямала пацверджанняў гэтаму тэзісу - цэлыя россыпы імёнаў рускіх мастакоў, навукоўцаў, палкаводцаў, вынаходнікаў, акцёраў, пісьменнікаў і спевакоў, часцей за ўсё ніякім чынам не звязаных ні з Беларуссю, ні з яе сталіцай. Такія найменні ў большасці выпадкаў былі прывязаны да юбілейнай даты нараджэння ці смерці таго, у чый гонар называлі вуліцу. Так, напрыклад, у 1947 г. ў Першамайскім раёне з’явіліся вуліцы Караленкі і Чайкоўскага.

Мясцовыя ўлады працягвалі называць вуліцы імёнамі выдатных рускіх дзеячаў нават тады, калі гэтая кампанія згасла ў самой Расіі - рубяжамі для яе сталі 1947-1962 гады, г.зн. значная частка падобных назваў з'явілася ўжо ў хрушчоўскую эпоху. Так у нашым раёне з’явіліся вуліцы Кутузава і Суворава. Акрамя таго, у гэты час вуліцы атрымліваюць імёны нядаўна памерлых дзеячаў ВКП (б), знакамітых генералаў. Прыклад: вуліцы Калініна і Талбухіна. На гэтым фоне найменні, звязаныя з імёнамі выдатных дзеячаў беларускай гісторыі і культуры, выглядаюць вельмі скупа: вуліца Якуба Коласа (былы Лагойскі тракт, 1956), вуліца і завулак Кузьмы Чорнага (1956).

Да пасляваеннай "рускай хвалі" адносяцца таксама такія назвы, як Наўгародская, Ільменская, Валгадонская і Пскоўская. Праўда, у гэтым выпадку - найменне вуліцы ў гонар якога-небудзь горада ці краю - можна казаць і пра "савецкую хвалю", бо на карце Першамайскага раёна з'яўляецца, напрыклад, вуліца Севастопальская. Можна таксама заўважыць яшчэ адну асаблівасць - у асноўным гэта вуліцы прыватнай драўлянай забудовы. Пасля вайны была распрацавана гнуткая сістэма крэдытаў, якая дазваляла людзям ўзводзіць ўласныя аднапавярховыя хаты сельскага тыпу.

З 1967 г. вуліцу ў абавязковым парадку "давалі" памерламу Старшыні Прэзідыума ВС БССР і 1-му сакратару КПБ. Так у Першамайскім раёне з'явілася вуліца Казлова (1967, былая Даўгабродская), Сурганава (1979, былая Друкарская). Акрамя таго, не забывалі тых, хто стаяў ля руля БССР у пачатку яго існавання, - да 50-годдзя рэвалюцыі, у 1967-м, з’явіліся вуліцы Гікала, Гамарніка, Кнорына, Славінскага. Час ад часу вуліцы атрымлівалі назвы ў гонар партыйных чыноўнікаў меншага ўзроўню, напрыклад, вуліца Сядых.

Што тычыцца вуліц, названых ў гонар дзеячаў беларускай гісторыі і культуры, то ў 60-70 гг. у Першамайскім раёне іх з’явілася няшмат: Каліноўскага (пасля 30-гадовага перапынку, 1963), Цікоцкага (1971), Петруся Броўкі (1982) і пасля 34-гадовага перапынку, Францыска Скарыны (1967). Праўда, гэта зноў былі вельмі сціплыя "драўляныя" вулачкі забудовы 50-х. Дарэчы, вуліцы Ф. Скарыны ў Мінску асабліва "пашанцавала": так у розны час называліся чатыры розныя вуліцы, адзін завулак і адзін праспект.

3 перабудовай 1980-ых гг. і ўтварэннем незалежнай беларускай дзяржавы абудзілася нацыянальная свядомасць беларусаў, і адразу на вуліцах гарадоў пачалі з'яўляцца шыльды з імёнамі нацыянальных дзеячаў. Так у 1989 г. у Першамайскім раёне адбылося перайменаване вуліцы Пясочнай у вуліцу Васіля Цяпінскага, а Новай - у вуліцу Міхася Чарота. Таксама была вернута старая назва Лагойскаму тракту (частка вул. Я. Коласа).Ленінскі праспект з 9 снежня 1991 г. стаў праспектам Францыска Скарыны.

Наступныя змены ў гадонімах Першамайскага раёна адбыліся пасля 1994 г. Пераймяноўваецца вуліца Жодзінская: з гэтага часу яна вуліца Акадэміка Купрэвіча (100-гадовы юбілей заслужанага вучонага). Вуліцы Ф. Скарыны, названай так у 1989-м, вяртаецца старая, 1930-х гадоў, назва Акадэмічная (зразумела, чаму: з 1991-га ў горадзе ўжо ёсць праспектФ. Скарыны, не лічачы 1-га завулка Ф. Скарыны). З 2005 г. галоўны праспект горада (яго вялікая частка знаходзіцца ў Першамайскім раёне) носіць назву праспект Незалежнасці, а Старабарысаўскі тракт стаў называцца вуліцай Ф. Скарыны.

У апошнія гады мінскія ўлады імкнуцца прытрымлівацца прынцыпаў гістарызму і патрыятызму пры іменаванні і перайменаванні гарадскіх лінейных аб'ектаў. Прыкладам можа служыць з'яўленне ў Першамайскім раёне вуліц П.Мсціслаўца (2011), К.Тураўскага (2011) і курсанта Гвішыяні (2017).

Сёння на карце Першамайскага раёна можна знайсці вялікую разнастайнасць гадонімаў, якія шмат могуць расказаць пра наш горад.

Так, па штучна створаных лакальных гарадскіх аб'ектах (назвы, звязаныя з рознымі гарадскімі функцыямі) названы: вул. Акадэмічная (ад Акадэміі Навук), Батанічная (побач Батанічны сад), Парніковая (ад Парнікова-цяплічны кабінат) і інш. Некалькі вуліц Першамайскага раёна названы па сваіх натуральна-геаграфічных ўмовах і асаблівасцях рэльефу: Алейная, Садовая, Прыазёрная, Пясочная. Ёсць у Першамайскім раёне вуліцы, названыя па характэрнай прыкмеце або ўражанні: Светлая, Цяністая, Васільковая. Вуліцы Праграмістаў і Натуралістаў адлюстроўваюць значныя для горада прафесіі. Юбілейную дату сімвалізуе вуліца 50 гадоў Перамогі. Назву, у якой адлюстравана рэвалюцыйная сімволіка паслякастрычніцкага перыяду, носіць вуліца Чырвоназоркавая.

Ёсць у Першамайскім раёне і вуліцы, назвы якіх самі па сабе збянтэжваюць. У пасёлку Азярышча побач з жылым раёнам Вялікі Лес маецца завулак з дзіўнай назвай Кэчаўскі. Між тым яго з'яўленне напрамую звязана з ваенным гарадком, які размясціўся тут у пасляваенныя гады. КЭЧ - гэта кватэрна-эксплуатацыйная частка, фарміраванне ў структуры Міністэрства абароны, якое займаецца размеркаваннем жылля сярод вайскоўцаў, і выконвае функцыі, аналагічныя грамадзянскай ЖЭСу. Верагодна, важнасць гэтай тылавой структуры была вялікай, што яе абрэвіятуру вырашылі ўвекавечыць у назве аднаго з суседніх завулкаў.

Дарэчы, суседняя з Кэчаўскім завулкам вуліца з 1989 года носіць імя Заснавальнікаў, але, хто былі гэтыя Заснавальнікі і што яны заснавалі, так дакладна высвятліць не ўдалося.

Для гадонімаў у афіцыйным ўжыванні не характэрна варыянтнасць, аднак яны падвяргаюцца зменам, найперш, перайменаванням. Існуе праблема, што беларускія гадонімы ўсюды, у тым ліку і на шыльдах, занатоўваліся і занатоўваюцца пераважна па-руску. Беларускамоўныя адпаведнікі перадаюцца цалкам шляхам літаральнага перакладу (ул. Крестьянская — вул. Сялянская, Победы — Перамогі, пр-т Октября — Кастрычніка. Адсюль узнікае шэраг праблем. Напрыклад, у Першамайскім раёне г. Мінска есць вуліца Краснозвездая. Як правільна перакласці гэту назву на беларускую мову: ЧырвОназоркавая (-зорная) ці ЧырвАназоркавая (-зорная)? Зараз можна сустрэць усе чатыры варыянты. Дакладнага і поўнага спісу мінскіх вуліц на беларускай мове мы ўвогуле не знайшлі. Такім чынам, пытанне менавіта беларускамоўных гадонімаў сёння стаіць дастаткова востра, што патрабуе вырашэння гэтага пытання на дзяржаўнай аснове.

Што датычыцца ўзнікнення новых назваў на карце, то сёння жыхары Мінска зацікаўлены ў тым, каб назвы вуліц і плошчаў з аднаго боку адлюстроўвалі гістарычнае мінулае, а з другога - каб у недатыкальнасці захоўваліся старыя назвы. На парыжскіх плошчах, да прыкладу, мірна суседнічаюць помнікі каралям і зрынуўшым іх рэвалюцыянерам. Такім чынам, новыя назвы на карце павінны адлюстроўваць сапраўды годныя дзеля ўшанавання падзеі ці асобы. Акрамя таго, трэба каб назвы новых унутрыгарадскіх аб'ектаў былі зручнымі ва ўжыванні, мілагучнымі і адпавядалі правілам сучаснай беларускай літаратурнай мовы.